Перайсці да зместу

Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі
Дата нараджэння 10 лютага 1928(1928-02-10)
Месца нараджэння
Дата смерці 25 лютага 2013(2013-02-25) (85 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці грамадскі дзеяч
Навуковая сфера вучоны ў галіне грузавога аўтамабілебудавання, грамадскі дзеяч
Месца працы
Навуковая ступень доктар тэхнічных навук
Навуковае званне акадэмік АН БССР, прафесар
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія СССР Дзяржаўная прэмія БССР
Узнагароды
Сайт oim.by/ru/direktor
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міхаі́л Сцяпа́навіч Высо́цкі (10 лютага 1928, в. Семежава, Капыльскі раён, Мінская вобласць, БССР[1] — 25 лютага 2013, Мінск, Беларусь) — беларускі канструктар аўтамабіляў і вучоны, доктар тэхнічных навук (1976), прафесар (1978)[1]. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР[1] і БССР, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі Навук (НАН) Беларусі (1989, член-карэспандэнт з 1984[2]), Генеральны канструктар па аўтамабільнай тэхніцы Беларусі (2002). Герой Беларусі (2006).

Працаваў на Мінскім аўтазаводзе 50 гадоў, з якіх 35 гадоў — галоўным канструктарам. Адзін з заснавальнікаў беларускага грузавога аўтамабілебудавання. Стварыў беларускую школу канструявання і даследавання грузавых аўтамабіляў[2].

Нарадзіўся 10 лютага 1928 года ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна.

Працоўную дзейнасць пачаў на Мінскім аўтамабільным заводзе ў 1946 годзе слесарам-зборшчыкам.

У 1949 скончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, у сваёй дыпломнай працы ім быў прапанаваны першы канвеер для зборкі МАЗаў. З гэтага ж года працуе канструктарам  (руск.), адначасова навучаючыся ва Усесаюзным завочным машынабудаўнічым інстытуце  (руск.) ў Маскве, які скончыў у 1955 годзе[1][3][4].

У 1950-я гады на заводзе наладжвалася вытворчасць бартавога аўтамабіля МАЗ-200 і самазвала МАЗ-205, распрацаваных на Яраслаўскім аўтамабільным заводзе  (руск.). Яны не мелі стабільных памераў, таму пры зборцы ўзнікалі вялікія складанасці. М. С. Высоцкі ўнёс шэраг значных змен, якія дазволілі адаптаваць да канвеернай зборкі кабіну, апярэнне, крыла  (руск.) і дамогся іх рэалізацыі ў вытворчасці. Дзякуючы гэтаму павысілася якасць і надзейнасць машын. Распрацаваныя пры яго асабістым удзеле канструкцыі прычэпаў і паўпрычэпаў ў сярэдзіне 1950-х гадоў з шэрагам унікальных новаўвядзенняў (тарсіённая падвеска  (руск.), герметычныя тармазы і апараты да іх) былі выкарыстаны як шасі для мантажу перасоўных электрастанцый і сістэм кіравання для запуску першага штучнага спадарожніка Зямлі ў кастрычніку 1957 годзе.

У 1955 г. прызначаецца начальнікам канструктарскага бюро спецыяльных прычэпаў для патрэб абароны краіны.

МАЗ-530 на паштовай марцы СССР. 1960

Сур’ёзным выпрабаваннем для М. С. Высоцкага стала распрацоўка кабіны і апярэння для 25-тоннага самазвала МАЗ-525 і першага ў свеце 40-тоннага самазвала МАЗ-530, адзначанага на Сусветнай прамысловай выстаўцы  (руск.) ў Бруселі ў кастрычніку 1958 вышэйшай узнагародай — «Гран-пры».

У 1961 М. С. Высоцкі быў прызначаны галоўным канструктарам Мінскага аўтазавода[1].

У 1958—1960 гг. Высоцкі — начальнік СКБ-3, у 1960—1961 гг. намеснік галоўнага канструктара. У 19611996 гг. галоўны канструктар Мінскага аўтамабільнага завода.

З імем М. С. Высоцкага звязаны найбольш значныя дасягненні Мінскага аўтазавода: распрацоўка прынцыпова новай кампаноўкі вялікагрузных аўтамабіляў «кабіна над рухавіком» — упершыню рэалізаваная ў МАЗ-500 (серыйны выпуск з 1965 года), якая ў далейшым атрымала распаўсюджванне ва ўсім свеце; стварэнне шасці пакаленняў магістральных аўтацягнікоў, апошнія з якіх адказваюць жорсткім патрабаванням міжнародных стандартаў; у тым ліку канцэптуальнага модульнага аўтацягніка МАЗ-2000 «Перабудова» (прызнанага аўтамабілем XXI стагоддзя і атрымаўшага залаты медаль на Парыжскім Вялікім салоне аўтамабілебудавання  (руск.) ў 1988 годзе), які стаў прататыпам распрацоўванага шматзвённага аўтацягніка.

У 1970 годзе рашэннем Савета Маскоўскага аўтамабільна-дарожнага інстытута (МАДІ)  (руск.) М. С. Высоцкаму прысуджана вучоная ступень кандыдата тэхнічных навук. Высновы, зробленыя ў яго працы, зводзіліся да неабходнасці стварэння айчынных вялікагрузных аўтапаяздоў для магістральных перавозак.

У 1971 годзе пад кіраўніцтвам М. С. Высоцкага створана сямейства аўтамабіляў МАЗ-500А, а ў 1978 годзе — МАЗ-5335. Усе наступныя мадэлі аўтамабіляў адрозніваюцца ад папярэдніх больш высокімі тэхніка-эканамічнымі паказчыкамі: хуткаснымі і тармазнымі ўласцівасцямі, паліўнай эканамічнасцю і плыўнасцю ходу, манеўранасцю і эрганамічнасцю.

Па даручэнні Урада СССР пад кіраўніцтвам М. С. Высоцкага распрацаваны канструкцыі аўтамабіляў-самазвалаў для Камскага аўтазавода, якія ў 1973 годзе былі рэкамендаваныя Дзяржкамісіяй да масавай вытворчасці.

Дзейнасць М. С. Высоцкага звязана з усталяваннем і ўмацаваннем сувязяў навукі з вытворчасцю, арыентацыяй навуковага патэнцыялу акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі на вырашэнне найбольш актуальных праблем, якія стаялі перад савецкім машынабудаўнічым комплексам. У 1974 годзе па яго ініцыятыве быў створаны акадэмічны Аддзел грузавых аўтамабіляў (АГрА) двайнога падпарадкавання: АН БССР і Мінскаму аўтазаводу. У 1975 годзе створаны вучэбна-навукова-вытворчае аб’яднанне «МАЗ-БПІ», а ў яго рамках — кафедра Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ, цяпер — БНТУ) «Вялікагрузныя аўтамабілі», кіраўніком якой акадэмік М. С. Высоцкі з’яўляўся да апошняга часу, а таксама створана навукова-вытворчае аб’яднанне «Аўтафізтэх».

Канструктар Міхаіл Высоцкі

З 1975 М. С. Высоцкі прызначаны галоўным канструктарам-начальнікам упраўлення галоўнага канструктара вытворчага аб’яднання «БелаўтаМАЗ», у якое ўвайшлі ўсе аўтамабільныя заводы рэспублікі, гэтую пасаду ён займаў да 1996 года[1].

У 1976 М. С. Высоцкі абараніў доктарскую дысертацыю ў МАДІ. Буйным унёскам у развіццё тэорыі мабільных машын стала распрацаваная М. С. Высоцкім тэорыя праектавання і выпрабавання вялікагрузных аўтацягнікоў. У 1989 годзе абраны сапраўдным членам (акадэмікам) Акадэміі навук БССР.

М. С. Высоцкі з’яўляецца адным з ініцыятараў арганізацыі на МАЗе беларускай вытворчасці аўтобусаў і кіраўніком стварэння іх першых мадэляў сумесна з нямецкай фірмай «Неаплан  (руск.)» (1992), што паслужыла асновай сучаснай вытворчасці шырокага сямейства ўніфікаваных аўтобусаў, арыентаванай на поўнае забеспячэнне патрэб Беларусі і пастаўкі на экспарт.

Працуючы з 1992 па 1997 гады віцэ-прэзідэнтам акадэміі навук Беларусі, М. С. Высоцкі змог кансалідаваць намаганні навукоўцаў і завадскіх спецыялістаў не толькі ў інтарэсах МАЗа і ВА «БелаўтаМАЗ», але і ўсёй аўтатрактарабудаўнічай галіны рэспублікі, што дазволіла перажыць востры эканамічны крызіс у перыяд распаду СССР, забяспечыць станаўленне нацыянальнага аўтамабіле- і аўтобусабудавання і выйсці на ўстойлівае дынамічнае развіццё галіны, які робіць істотны ўклад у фарміраванне ВУП і нарошчванне экспартнага патэнцыялу Беларусі.

З 1993 па 2001 гады М. С. Высоцкі — дырэктар створанага па яго ініцыятыве Навуковага цэнтра праблем механікі машын НАН Беларусі, з 2001 года — генеральны дырэктар Навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства (НІРУП) «Белаўтатрактарабудаванне» НАН Беларусі. У 1995 годзе для дзяржаўнай падтрымкі аўтатрактарабудавання па ініцыятыве М. С. Высоцкага пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і адабрэнні дзяржаўным заказчыкам у асобе Міністэрства прамысловасці пад яго кіраўніцтвам была распрацавана дзяржаўная навукова-тэхнічная праграма (ДНТП) «Белаўтатрактарабудаванне» на 1996—1998 годы, а потым на 1999—2000 і 2001—2005 годы. Ён з’яўляўся ініцыятарам і навуковым кіраўніком Дзяржаўнай праграмы фундаментальных (арыентаваных фундаментальных) даследаванняў «Механіка» на 1996—2000 і 2001—2005 годы, якая з’явілася навуковым забеспячэннем ў галіне фундаментальных даследаванняў праграмы «Белаўтатрактарабудаванне». У 2002 годзе ў выкананне даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была распрацавана Дзяржаўная мэтавая праграма развіцця аўтатрактарабудавання і камбайнабудавання Рэспублікі Беларусь на 2003—2005 годы і на перыяд да 2010 года «Аўтатрактаракамбайнабудаванне».

З 1996 года М. С. Высоцкі цалкам прысвяціў сябе працы ў навуковым цэнтры.

У 2002 годзе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь засноўвае спецыяльна для Высоцкага новае званне генеральнага канструктара па аўтамабільнай тэхніцы Рэспублікі Беларусь[5].

У 2003 годзе пад кіраўніцтвам М. С. Высоцкага была распрацавана і ў 2004 годзе зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узбуйненая Дзяржаўная навукова-тэхнічная праграма «Машынабудаванне». Для распрацоўкі, асваення і ўкаранення перадавых тэхналогій праектавання новых канкурэнтаздольных мадэляў аўтатрактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі М. С. Высоцкім створаны Рэспубліканскі камп’ютарны цэнтр машынабудаўнічага профілю.

З мая 2006 года і да апошніх дзён з’яўляўся генеральным дырэктарам Дзяржаўнай навуковай установы «Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», вядучага навуковага і інавацыйнага цэнтра Беларусі ў галіне механікі, які мае статус галаўной навуковай установы па пытаннях аўтатрактарасельгасмашынабудавання, якая вырашае найбольш актуальныя і эканамічна значныя задачы. Сярод дасягненняў інстытута пад кіраўніцтвам М. С. Высоцкага ў галіне фундаментальных даследаванняў — абгрунтаванне і распрацоўка прынцыпаў модульнага праектавання аўтацягнікоў, а таксама прынцыпаў стварэння матэматычных і камп’ютарных мадэляў для даследавання эксплуатацыйных уласцівасцяў пры рэалізацыі комплексу віртуальных выпрабаванняў. Гэта дазволіла даследаваць раней не разгледжаныя ў тэорыі аўтамабіля выпадкі крывалінейнага руху транспартных сродкаў і сфармаваць падыходы да стварэння алгарытмаў кіравання рухам шматзвенных аўтацягнікоў.

Нягледзячы на разнастайнасць і навізну выпускаемай тэхнікі, да 2009 г. у Рэспубліцы Беларусь адсутнічаў спецыялізаваны палігон для яе выпрабаванняў, правядзення навуковых даследаванняў і сертыфікацыі мабільных машын. М. С. Высоцкі з’яўляўся ініцыятарам і каардынатарам работ па стварэнні беларускага аўтамабільнага палігона.

М. С. Высоцкім развіта тэорыя віртуальнага праектавання і выпрабаванняў мабільных машын, атрыманы вынікі ў галіне дынамікі аўтамабільных і чыгуначных цыстэрнаў, выканана арганізатарская праца па стварэнні і кантролю дзяржаўных навукова-даследчых і навукова-тэхнічных праграм. Навукова-арганізацыйная дзейнасць М. С. Высоцкага грунтавалася на навуковай працы. Ім апублікавана больш за 450 навуковых прац. Выдадзена 20 манаграфій, атрымана 145 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў, большасць з якіх паслужылі асновай для павышэння канкурэнтаздольнасці і стварэння новых відаў аўтатрактарнай тэхнікі.

М. С. Высоцкім падрыхтавана 6 дактароў і 18 кандыдатаў навук і створана беларуская школа механікі і комплекснага праектавання мабільных машын, працамі якой упершыню ў краіне закладзены асновы тэорыі праектавання і паскораных выпрабаванняў высакахуткасных вялікагрузных магістральных аўтацягнікоў.

Магіла Міхаіла Высоцкага

У 1997 годзе Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы (Англія) на аснове экспертных ацэнак прысвоіў яму ганаровае званне «Чалавек года-1997» з уручэннем Медалі Гонару за выдатныя дасягненні. Яго імя ўключана ў 25-е выданне «Слоўніка міжнародных біяграфій» як выдатнага дзеяча навукі. Амерыканскі біяграфічны інстытут уключыў імя акадэміка М. С. Высоцкага ў спіс 5000 навукоўцаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё навукі ў XX стагоддзі.

Cышоў з жыцця ў Мінску 25 лютага 2013 года пасля працяглай хваробы[6]. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Навукова — арганізацыйная і грамадская дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

М. С. Высоцкі :

  • член Прэзідыума Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь; Камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь; Міжведамаснай камісіі па разглядзе кандыдатур для назначэння стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таленавітым маладым навукоўцам; Міжведамаснага навукова-тэхнічнага савета Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь;
  • старшыня Навуковага савета па праблемах машынабудавання НАН Беларусі; Міжведамаснага экспертнага савета па прыярытэтнаму кірунку фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў «Механіка машын, забеспячэнне надзейнасці і бяспекі тэхнічных сістэм, павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі машынабудавання»; Экспертнага савета па машынабудаванні Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў;
  • генеральны дырэктар Дзяржаўнага навуковай установы «Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»;
  • кіраўнік Органа па сертыфікацыі транспартных сродкаў, прадметаў іх абсталявання і частак; эксперт-аўдытар па якасці Рэспубліканскага органа па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь;
  • папячыцель Духоўна-адукацыйнага Цэнтра Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Мінску; член Прэзідыума Беларуска-Расійскага Камітэта «Саюз»;
  • намеснік старшыні па навуцы Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі; кіраўнік таварыства дружбы «Беларусь- Карэя»;
  • З 1992 года кіраўнік беларускага аддзялення групы міжнароднага таварыства аўтамабільных інжынераў  (руск.) (SAE);
  • член міжнароднага таварыства інжынераў-механікаў  (руск.) (ASME);
  • Рэдактар энцыклапедыі «Машынабудаванне» (Масква) па аўтамабільнай тэматыцы;
  • Старшыня Беларускага рэгіянальнага рэдакцыйнага савета часопіса «Аўтамабільная прамысловасць» (Масква);
  • член рэдакцыйнага савета «International Journal of Vehicle Design» (Вялікабрытанія); Міжнароднага часопіса па транспартным тэхналогіях, навукова-тэхнічнага часопіса «Грузавік&» (Масква); часопіса «Весці НАН Беларусі» (серыя фiзiка-тэхнiчных наук); галоўны рэдактар Міжнароднага навукова-тэхнічнага часопіса «Механіка машын, механізмаў і матэрыялаў».

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Абагульніўшы навукова-даследчыя і эксперыментальныя работы, выкананыя на Мінскім аўтазаводзе, М. С. Высоцкі ў 1970 годзе абараняе кандыдацкую дысертацыю.

У 1975 годзе абіраецца загадчыкам кафедры «Вялікагрузныя аўтамабілі» Беларускага політэхнічнага інстытута (Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт).

Працуючы на аўтазаводзе, М. С. Высоцкі стаў доктарам тэхнічных навук (1976), прафесарам (1978).

У 1984 годзе М. С. Высоцкі абіраецца членам-карэспандэнтам, а ў 1989 — акадэмікам Акадэміі навук БССР.

У 1992—1997 гг. — віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі. У 1993—2001 гг. дырэктар Навуковага цэнтра праблем механікі машын Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

З 2001 года — генеральны дырэктар Навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белаўтатрактарабудаванне» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

З 2003 — ганаровы дырэктар Інстытута механікі і надзейнасці машын Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у 2006—2012 гг. генеральны дырэктар, з 2012 намеснік дырэктара па навуковай працы Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Праводзіў навуковыя даследаванні ў галіне тэорыі і канструявання мабільных машын. Распрацаваны метадалогія сінтэзу аптымальных масавага ліку геаметрычных параметраў, аптымізацыі магутнасці, цягава-хуткасных уласцівасцяў і паліўнай эканамічнасці велікагрузных магістральных аўтацягнікоў на аснове імітацыйнага мадэлявання іх руху з улікам характарыстык тыпавых дарожных умоў, канцэпцыя стварэння і метадалогія даследавання перспектыўных мабільных транспартных машын на аснове сістэмнага падыходу.

Аўтар больш за 450 навуковых прац, у тым ліку 19 манаграфій, 145 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў[7], у тым ліку: «Мабільныя транспартныя машыны» (1998 г.); «Аэрадынаміка колавага транспарту» (2001 г.), «Актыўная бяспека аўтамабіля. Асновы тэорыі»(2002 г.) і інш. Міхаілам Высоцкім падрыхтавана 6 дактароў, 18 кандыдатаў навук і створана беларуская школа механікі і комплекснага праектавання мабільных машын[6].

Асноўныя навуковыя працы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Высоцкий М. С. Грузовые автомобили: Проектирование и основы конструирования. 1-е изд. / Ю. Ю. Беленький, М. С. Высоцкий, Л. Х. Гилелес, И. Ф. Демидович, С. Г. Херсонский, А. И. Титович. — М.: Машиностроение, 1979.
  • Высоцкий М. С. Основы проектирования автомобилей и автопоездов большой грузоподъёмности / Ю. Ю. Беленький, М. С. Высоцкий, Л. Х. Гилелес, И. Ф. Демидович, С. Г. Херсонский, А. И. Титович. — Минск, 1980. — 200 с.
  • Автомобили. Испытания: учебное пособие для студентов специальности «Автомобили и тракторы» высших технических учебных заведений / под ред. д-ра техн. наук, проф. А. И. Гришкевича, акад. АН БССР М. С. Высоцкого — Минск: Вышэйшая школа, 1991. — 186, [1] с. — ил., табл.
  • Высоцкий М. С. Грузовые автомобили: Проектирование и основы конструирования. 2-е изд. / М. С. Высоцкий, Л. Х. Гилелес, С. Г. Херсонский. — М: Машиностроение, 1995.
  • Высоцкий М. С. Мобильные транспортные машины: Взаимодействие со средой функционирования / М. С. Высоцкий, В. В. Ванцевич, Л. Х. Гилелес; НАН Беларуси, Науч. центр проблем механики машин. — Минск: Бел. навука, 1998. — 302 с.: ил. — Библиогр.: 122 назв.
  • Высоцкий М. С. Аэродинамика колёсного транспорта / М. С. Высоцкий, А. Н. Евграфов. — Минск: Белавтотракторостроение, 2001. — 363 с.
  • Высоцкий М. С. Активная безопасность автомобиля. Основы теории / М. С. Высоцкий, В. Г. Бутылин, В. Г. Иванов, И. И. Лепешко. — Минск, 2002.
  • Высоцкий М. С. Динамика автомобильных и железнодорожных цистерн / М. С. Высоцкий, Ю. М. Плескачевский, А. О. Шимановский; Объедин. ин-т машиностроения НАН Беларуси. — Минск: Белавтотракторостроение, 2006. — 320 с.: ил., табл. — Библиогр.: 273 назв.

Узнагароды, званні

[правіць | правіць зыходнік]
  • 1968 — узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга;
  • 1970 — за стварэнне канструкцыі ўніфікаванага сямейства высокапрадукцыйных велікагрузных аўтамабіляў МАЗ-500 і арганізацыю іх вытворчасці на Мінскім аўтамабільным заводзе М. С. Высоцкаму ў складзе аўтарскага калектыву была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР у галіне навукі і тэхнікі;
  • 1974 — за стварэнне новага віду аўтамабільнага транспарту — велікагрузных магістральных аўтацягнікоў — узнагароджаны ордэнам Леніна;
  • 1986 — Дзяржаўная прэмія БССР за распрацоўку і ўкараненне гнуткай аўтаматызаванай сістэмы паскораных выпрабаванняў выпускаюцца машын;
  • 1991 — прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік прамысловасці СССР»;
  • 1998 — ордэн Айчыны III ступені;
  • 2003 — узнагароджаны Ганаровай граматай Парламенцкага схода Саюза Беларусі і Расіі за вялікі асабісты ўклад у развіццё эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі, актыўны ўдзел у саюзным грамадскім будаўніцтве.
  • 2004 — ордэн Айчыны II ступені;
  • 2006 — Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 01.03.2006 г. № 135 за выключныя заслугі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Рэспублікі Беларусь, асабісты ўклад у станаўленне і развіццё нацыянальнага аўтамабіле-і аўтобусабудавання, беларускай навуковай школы механікі і комплекснага праектавання мабільных машын, правядзенне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, падрыхтоўку навуковых кадраў прысвоена званне «Герой Беларусі»[8].

Ганаровы грамадзянін Копыльскага раёна[9], Ганаровы грамадзянін горада Мінска[10], Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці[11].

Зноскі

  1. а б в г д е Высоцкий Михаил Степанович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 130. — 737 с.
  2. а б Нацыянальная акадэмія навук Беларусі / Члены акадэміі / Памяці вучонага / Акадэмік ВЫСОЦКІ Міхаіл Сцяпанавіч (руск.)
  3. Библиография учёных Беларуси: Академик Михаил Степанович Высоцкий. Мн.: Объединённый ин-т машиностроения НАН Беларуси, 2006.
  4. Михаил Степанович Высоцкий (К 80-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 2008, № 1.
  5. Прощайте, Мастер! Памяти конструктора М. С. Высоцкого // ГРУЗАВТОИНФО, № 3 (110), 2013 (руск.)
  6. а б Ушел из жизни известный генконструктор автотехники Михаил Высоцкий (руск.)
  7. http://nasb.gov.by/bel/members/memoriam/vysotskii.php
  8. Указ № 135 ад 1 сакавіка 2006 г — Аб прысваенні М. С. Высоцкаму, П. П. Пракаповічу, В. А. Рэвяку і М. А. Савіцкаму звання «Герой Беларусі»
  9. http://kopyl-books.info/?page_id=25 Архівавана 24 снежня 2013.
  10. http://minsk.gov.by/ru/freemen/ Архівавана 14 жніўня 2011.
  11. http://www.minsk-region.gov.by/ru/homepage/novosti-oblasti/item/2381 Архівавана 5 сакавіка 2016.
  • Высоцкі Міхаіл Сцяпанавіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. — Мінск, 1971. — Т. 3. — С. 204.
  • Высоцкі Міхаіл Сцяпанавіч // Беларуская ССР: карот. энцыкл. — Мінск, 1981. — Т. 5. — С. 133.
  • Высоцкий Михаил Степанович // Белорусская ССР: крат. эницкл. / И. П. Шамякин и др. — Минск, 1982. — Т. 5. — С. 130.
  • Высоцкі Міхаіл Сцяпанавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 181. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Five Thousand Personalities of The World. Edition Six. The American Biographical Institute. USA. 1997.
  • Dictionary of International Biography. International Biographical Centre. — Cambridge, England, 1997.
  • Библиография учёных Беларуси: Академик Михаил Степанович Высоцкий. — Минск: Объединённый ин-т машиностроения НАН Беларуси, 2006.
  • Шпилевский Э. М. Академик М. С. Высоцкий: воплощение мечты. — Минск: Беларуская навука, 2013. — 105 с. — (Люди белорусской науки). — 200 экз. — ISBN 978-985-08-1525-5.